Украіна

Article on other languages:

Украіна

герб сцяг
герб
сцяг

дэвіз: Воля, злагода, добро

геаграфічнае месцазнаходжанне
дата ўтварэння
дзяржаўная мова: украінская
сталіца: Кіеў
прадстаўнік дзяржавы: Віктар Юшчанка
кіраўнік дзяржавы: Юлія Цімашэнка
плошча: 603 700 км²
насельніцтва: 46 710 816 2006
шчыльнасць насельніцтва: 80 жых./км²
грашовая адзінка: Украінская грыўна
часавы пояс: EET (UTC+2)
EEST (UTC+3)
гімн: Ще не вмерла України
ні слава, ні воля
нумарныя знакі аўтамабіляў: UA
дамен у Інтэрнеце: .ua
міжнародны тэлефонны код: +380
карта

Украі́на (укр.: Україна) — краіна ва Усходняй Еўропе, мяжуе з Беларуссю на поўначы, Расіяй на ўсходзе, Венгрыяй, Польшчай і Славакіяй на захадзе, Румыніяй і Малдовай на паўднёвым захадзе. Абмываецца Чорным і Азоўскім морамі на поўдні. Беспарыўна дзяржаўнасць іcнуе з 1917 г. Незалежнасць адноўленая ў 1991 г. Сталіца — Кіеў (укр.: Київ).

Па плошчы Украіна займае 44-е месца ў свеце і першае месца — сярод краінаў, цалкам размешчаных у Еўропе (Расія, еўрапейская плошча якой значна большая, размешчаная ў Еўропе толькі часткова).

Змест

Прыродныя ўмовы

Украіна размешчаецца ў паўднёва-заходняй частцы Усходне-Еўрапейскай раўніне, на яе тэрыторыі знаходзяцца Карпацкія (часткова) і Крымскія горы. Навышэйшы пункт Украіны — гара Гаверла (Карпаты) — 2061 м над узроўнем мора. Найвышэйшая гара Крыму — Роман-Кош (1545 м).

Найважнейшымі мінеральнымі багаццямі Украіны з'яўляюцца вугаль (Данбас), жалезныя (Крывы Рог, Крамянчуг, Запарожжа, Керчанскі п-аў) і марганцавыя (Нікапаль) руды, а таксама руды каляровых металаў (Запарожская вобл.). На паўночным усходзе і ў Перадкарпацці ёсць радовішчы нафты і газу, а таксама калійных соляў. Хімічная сыравіна прадстаўлена солямі рознага паходжання (заліў Сіваш у Азоўскім моры) і прыроднай серай (Роздал у Львоўскай вобласці). На поўдні краіны ёсць вялікія радовішчы крэйды і кааліну.

У кліматычных адносінах раўнінную тэрыторыю Ўкраіны падзяляецца на тры зоны. На поўначы, у Палессі, дзе размяшчаецца зона змяшаных лясоў, лета прахалоднае, зіма снежная і мяккая. Шырокая паласа лесастэпу, якая ляжыць у цэнтры краіны, адрозніваецца спрыяльным умерана кантынентальным кліматам з прахалоднай зімой і цёплым летам, што робіць гэты рэгіён найболей спрыяльным для пражывання людзей і вядзення гаспадаркі. Размешчаная на поўдні зона стэпу адрозніваецца найбольшай кантынентальнасцю, гарачым сухім летам і маласнежнай зімой.

Своеасаблівы клімат горных раёнаў Украіны. Паўднёвы бераг Крыму мае субтрапічны міжземнаморскі клімат з вільготнай зімой і засушлівым летам. Украінскія Карпаты адрозніваюцца ўмерана кантынентальным кліматам з вільготнай мяккай зімою і негарачым летам. Найбольшая колькасць ападкаў фіксуецца ў Карпатах (да 2000 мм у год), найменшае ў Заходнім Крыме (каля 300 мм у год).

Галоўная рака Ўкраіны — Дняпро. Перасякаючы Ўкраіну з поўначы на поўдзень, яна дзеліць краіну на дзве прыкладна роўныя часткі. Іншыя буйныя рэкі — Днестр і Паўднёвы Буг. Праз дэльту Дунаю праходзіць мяжа Украіны з Румыніяй.

На тэрыторыі Украіны знаходзіцца больш за 3 тысячы азёр, у асноўным дробных, плошчаю да 0,1 км2. Большая іх частка размешчана ў Палессі, на поўначы краіны. У Адэскай вобласці, каля Дунаю, знаходзіцца група азёр, якія сфармаваліся як затопленыя вусця прытокаў Дунаю. Найбольшае возера Ўкраіны — Сасык (Кундук) (210 м2) у Адэскай вобласці. Найглыбейшае возера краіны — Свіцязь (55 м), найбольшае з Шацкіх азёраў, што знаходзяцца у Валынскай вобласці. На Дняпры створаны велізарныя вадасховішчы (Кіеўскае і інш.).

Нягледзячы на сваю шматлікасць, рэкі Украіны пераважна малаводныя, за выняткам Дняпра, таму краіна адчувае недахоп водных рэсурсаў. Асабліва бедныя воднымі рэсурсамі паўднёвы ўсход Украіны і Крымскі паўвостраў. На горных жа рэках у Карпатах часта здараюцца паводкі.

Дзве трэці тэрыторыі Украіны пакрыты ўрадлівымі чарназёмнымі глебамі. На поўначы краіны пераважаюць шэрыя лясныя ды дзярнова-падзолістыя глебы, у сухіх стэпах поўдню — каштанавыя.

На раўнінай частцы краіны выдзеляюцца тры прыродныя зоны: лясную (на поўначы), лесастэпавую (у сярэдняй частцы) і стэпавую (на поўдні).

Лясной зоне ўласцівыя мяшаныя і шыракалістыя лясы з белай піхтай, сасной, букам і дубам. У лесастэпах пераважае дуб. У стэпах найбольш пашыраныя злакавыя травы: тыпчак, кавыль, цімафееўка, пырнік. У Карпатах расце бук, дуб, елка, піхта, у Крымскіх гарах - бук, дуб, сасна, ядловец. На паўднёвым беразе Крыма шмат паркаў з рознымі відамі міжземнаморскай флоры: кедры, кіпарысы і інш.

Ва Украіне жывуць каля 28 тысяч розных відаў жывёл, у тым ліку 101 від млекакормячых, 350 відаў птушак, 21 від паўзуноў, 19 відаў земнаводных і больш за 200 відаў рыб. У лясах жывуць мядзведзі, зайцы, дзікі, лісіцы, рысі, цецярукі, арлы, ястрабы, совы. У лесастэпах сустракаюцца алені, дзікі, ваўкі, таксама грызуны. Для стэпаў найбольш характэрныя грызуны і палявыя птушкі.

Ва Украіне існуюць 16 запаведнікаў, у якіх захоўваецца прырода ўкраінскіх лясоў, стэпаў і гор. Найбольш вядомыя Асканія-Нова, Украінскі стэпавы, Крымскі.

Гісторыя

Даславянскі перыяд (да VIII ст.)

На ўзьбярэжжы Крыму з VIII ст. да н.э. ўзьнікаюць грэцкія калоніі, галоўныя зь якіх — Херсанес (каля Севастопаля) і Пантыкапей — паступова сталі цэнтрамі дзяржаўных фармаваньняў. Гэтыя землі з I ст. да н.э. трапілі пад уплыў Рыму. На стэпавай частцы Украіны пануюць качавыя плямёны: кімерыйцы (IX ст. да н.э.— VII ст. да н.э.), скіфы (VII — III стст. да н.э.), сарматы (III ст. да н.э.— III ст. н.э.). Аб насельніках паўночнай Украіны гэтага часу вядома зусім мала.

Старонка патрабуе ўдакладнення арфаграфіі
спраўдзіць арфаграфію можна з дапамогай адмысловых праграм

Перыяд Кіеўскай Русі і Візантыйскай імперыі (VIII — XIV стст.)

З IV ст. пачынаецца эпоха Вялікага Перасяленьня народаў. Праз украінскія стэпы праходзяць плямёны готаў, потым — гунаў, яшчэ пазьней — аланаў. З VIII стагоддзя Паўночную і цэнтральную Украіну засяляюць усходнеславянскія плямёны, сярод якіх былі паляне, драўляне, севяране ды інш. Паступова на гэтых землях фармуецца гэтак званая Кіеўская Русь — першае ўсходнеславянскае дзяржаўнае ўтварэньне. З 862 г. Кіеўскай Русьсю кіруе варажская дынастыя Рурыкавічаў. Найбольшы росквіт Кіеўскай Русі прыпадае на X ст., калі Кіеў пазбаўляецца ад хазарскай залежнасьці, а потым і цалкам зьнішчае Хазарыю як дзяржаву. Зрабіўшы гэта, Кіеў, аднак, адкрыў прычарнаморскія стэпы для пранікненьня качавых плямёнаў: печанегаў, торкаў ды полаўцаў (кіпчакоў), якія прынесьлі старажытнарускай дзяржаве багата клапот. З XII ст. Кіеўская Русь распадаецца на асобныя княствы. На тэрыторыі Украіны найгалаўнейшымі княствамі былі Кіеўскае, Чарнігаўскае, Галіцкае ды Валынскае. У XIII ст. праз Кіеўскую Русь праходзяць орды мангола-татар. Карыстаючыся феадальнай раздробленасьцю, яны досыць лёгка падаўляюць супраціў мясцовых князёў і абкладаюць рускія гарады даніной. Антычныя гарады чарнаморскага ўзьбярэжжа пасьля распаду Рымскай імперыі трапляюць пад палітычны і культурны ўплыў Візантыі. Найбуйнейшым горадам тут застаецца Херсанес (у сярэднявечча вядомы як Херсон). У XII ст. у горнай частцы Крыму ўзьнікла дзяржава Феадора, на базе насельнікаў якой узьнікла народнасьць крымскіх грэкаў, або феадарытаў. Яе помнікамі з'яўляюцца пячорныя гарады Крыму — Чуфут-Кале, Эскі-Кермен ды інш. Стэпавы Крым з XIII ст. трапляе пад уладу татар.

Польска-літоўскі і турэцкі перыяд (XIV ст.— канец XVIII ст.)

З XIV стагоддзя мангола-татарская дзяржава, галоўным чынам праз міжусобіцы, аслабляецца. Затое Літоўскае княства, ўзьнікшы ў XIII ст., істотна ўзмацняцца ад часоў княжаньня Гедыміна (пачатак XIV ст.) Ён устанавіў пратэктарат над Кіеўскім княствам. У 1362 г. літоўскі князь Альгерд разьбіў татар у бітве на Сініх Водах і прыяднаў Кіеў да Вялікага княства Літоўскага. Гэтая падзея мела вялікае сімвалічнае значэньне, бо Літва, як і Масква, прэтэндавала на званьне пераемніка Кіеўскай Русі, і на пачатку была бясспрэчным лыдэрам у «зьбіраньні» рускіх земляў. З канца XIV ст. пачынаецца палітычная і культурная экспансія Польшчы. У 1387 г. Польшча захоплівае Галічыну. З канца XV ст. узмацняецца Маскоўская дзяржава, якая ў канцы XV — пачатку XVI стст. захапіла ў Літвы частку земляў. З XV ст. на літоўска-крымскім памежжы ўзьнікае казацтва, якое аказала вырашальны ўплыў на фармаваньне украінскага этнасу. Этнічная тэрыторыя Украіны, выцягнутая з захаду на ўсход, і цяпер прыкладна адпавядае былой мяжы між Літвою (Польшчаю) ды Крымскім ханствам. У 1569 г., карыстуючыся цяжкім становішчам Літвы, якая вяла вайну з Масквой, Польшча захоплівае Валынь, Падляшша, украінскае Палесьсе і Кіеўшчыну, г.зн. усе украінскія землі, якія дагэтуль належалі Літве. У 1596 г. была заключаная берасьцейская царкоўная вунія, паводле якой Кіеўская мітраполія перайшла пад уладу Рыма. Палітыка апалячваньня ды акаталічваньня прывяла да антыпольскіх паўстаньняў на ўкраінскіх землях. Наймацнейшае зь іх, пад кіраўніцтвам Багдана Хмяльніцкага, пачалося ў 1648 г. Пасьля шэрагу паразаў Хмяльніцкі быў вымушаны перайсьці пад пратэктарат Масквы, што адбылося ў 1654 г. на Пераяслаўскай радзе. Гэтая падзея выклікала руска-польскую вайну, у выніку якой да Расіі адыйшлі значныя тэрыторыі, у тым ліку горад Кіеў. Крым з XV стагоддзя цалкам падпарадкоўваецца Крымскаму ханству, адной з рэштак Залатой Арды і пратэктарату Турцыі. На базе нашчадкаў мангола-татар, а таксама іншых народнасьцяў, тут фармуецца крымскататарскі этнас, які складаў большасьць на паўвостраве аж да сталінскай дэпартацыі 1944 году. Акрамя ўласна Крыму, ханства займала тэрыторыі украінскага Прычарнамор'я і Прыазоў'я, а таксама вялікую частку сёньняшняга Краснадарскага краю Расіі. У XVIII ст. як Польшча, так і Крымскае ханства аслаблі і сталі ахвярамі агрэсіўных суседзяў. У выніку трох падзелаў Польшчы (1772 — 1795 гг.) украінскія землі Польшчы адыйшлі да Расіі, акрамя Галічыны, якая адыйшла да Аўстрыі. Крымскае ханства было анексаванае Расіяю ў 1783 г.

Перыяд Расійскай і Аўстрыйскай імперыяў (канец XVIII ст.— 1917)

З канца XVIII ст. і да Першай Сусьветнай вайны украінскімі землямі валодалі Расія і Аўстрыя. На украінскіх тэрыторыях з канца XVIII ст. пачынаецца рух украінскага адраджэньня. Найбольш ён быў пашыраны на аўстрыйскіх тэрыторыях (Галічына) — празь меньшую жорсткасьць тамтэйшага рэжыму — дзе дзейнічалі Іван Франко, Міхайла Грушэўскі ды іншыя выдатныя асобы украінскага адраджэньня.

Савецкі перыяд (1917 — 1991)

Першая сусьветная вайна прывяла да краху некалькіх імперыяў, у ліку якіх былі Расія і Аўстрыя і, такім чынам, дала падняволеным народам шанц на самавызначэньне. 17 сакавіка 1917 г., хутка пасьля Лютаўскай рэвалюцыі ў Расіі, была створаная Украінская Цэнтральная Рада. 20 лістапада 1917 г. была створаная Украінская Народная Рэспубліка, а 25 студзеня 1918 г. была абвешчаная яе незалежнасьць. На аўстрыйскай тэрыторыі была створаная Заходнеукраінская рэспубліка, якая прыядналася да УНР. У той жа час, 25 сьнежня 1917 г. у Харкаве бальшавікі старылі альтэрнатыўную УНР, якая ў 1919 г. была пераназваная ва Украінскую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку. Пачалася барацьба паміж гэтымі дзьвума дзяржавамі. УССР апіралася на бальшавікоў, а УНР — спачатку на немцаў, а потым — на палякаў. У выніку Галічына і Валынь адыйшлі да Польшчы, Закарпацьце — да Чэхаславакіі, Буковіна і Бесарабія — да Румыніі, а на большай частцы Украіны ўсталявалася савецкая ўлада. Крым быў уключаны ў склад РСФСР на правах аўтаномнай рэспублікі. У 1922 г. УССР ўвайшла да складу СССР. У 1934 г. сталіца УССР была перанесеная з Харкава ў Кіеў. У 1938 г. ў выніку падзелу Чэхаславакіі Закарпацьце адыйшло да Венгрыі. У верасьні 1939 г. украінскія землі, што належалі Польшчы, былі занятыя савецкай арміяй і прыеднаныя да УССР. У 1940 г. да УССР была далучаная Паўночная Буковіна і Паўднёвая Бесарабія. У 1941 — 1942 гг. тэрыторыя Украіны была акупаваная нямецкімі войскамі. Нацысцкія ўлады ўсталявалі жорсткі акупацыйны рэжым. Былі зьнічшаныя сотні тысячаў мірных жыхароў. У 1943 — 1944 гг. Украіна была вызваленая ад нацыстаў. Пасьля Вялікай Айчынай Вайны да Украіны было далучанае Закарпацьце. Частка Галічыны была перададзеная Польшчы. У 1954 г. да складу Украіны быў перададзены Крым.

Сучасны (незалежны) перыяд (з 1991 г.)

24 жніўня 1991 г. Вярхоўная Рада Украіны абвесьціла незалежнасьць Украіны, якая была пацьвержаная на ўсеукраінскім рэферэндуме 1 сьнежня 1991 г. У сьнежні гэтага ж года было падпісанае белавежскае пагадненьне аб скасаваньні СССР і стварэньні Садружнасьці Незалежных Дзяржаў, да складу якой ўвайшла і Украіна. Першым прэзідэнтам незалежнай Украіны стаў Леанід Краўчук. Пасьля развалу СССР былыя савецкія рэспублікі, у тым ліку і Украіна, трапілі ў глыбокі крызіс, які прывёў да зьбядненья насельніцтва, гіперінфляцыі, масаваму безпрацоўю. У 1992 г. адбыўся царкоўны раскол, калі былы Мітрапаліт Украіны Філарэт абвесьціў сябе Кіеўскім Патрыярхам. Кіеўскі патрыярхат ня быў вызнаны ніводным зь іншых праваслаўных патрыярхатаў, але быў падтрыманы украінскімі ўладамі, што паглыбіла раскол украінскага грамадзтва. У 1994 г. на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах перамогу атрымаў Леанід Кучма. Ён кіраваў краінай 10 гадоў. 28 червеня 1996 г. Вярхоўная Рада ўхваліла Канстытуцыю Украіны. У лістападзе 2004 г. адбыліся прэзідэнцкія выбары, на якіх перамогу атрымаў Віктар Януковіч. Але яго супернік Віктар Юшчанка ня вызнаў вынікі выбараў, заявіўшы аб іх фальсіфікацыі. Яго падтрымалі шырокія колы грамадзтва, асабліва на захадзе, а таксама ЗША і краіны Еўрасаюзу. Юшчанка пачаў кампанію грамадзянскага супраціву, вядомую як Памяранчавая Рэвалюцыя. Яе вынікам стала скасаваньне вынікаў выбараў і правядзеньне паўторнага галасаваньня, у якім перамог Юшчанка. Адначасна Вярхоўная Рада ўхваліла зьмены да Канстытуцыі, зьмяніўшы выбарчую сістэму і пазбавіўшы Прэзідэнта шэрагу паўнамоцтваў, у тым ліку права фармаваньня ўраду. У сакавіку 2006 г. адбыліся парламенцкія выбары, на якіх найбольшую колькасьць галасоў набрала Партыя Рэгіёнаў Віктара Януковіча. Але партыі Віктара Юшчанкі («Наша Украіна») ды яго паплечніцы пад час Памяранчавай Рэвалюцыі Юліі Цімашэнка разам набралі прыкладна такую ж колькасьць галасоў. У выніку вырашальнаю стала пазіцыя больш дробных партыяў. Калі перагаворы аб стварэньні кааліцыі між «памяранчавымі» партыямі зайшлі ў глухі кут, Сацыялістычная партыя Аляксандра Мароза перайшла ад «памяранчавага» блоку да Партыі Рэгіёнаў і разам зь імі ды камуністамі стварыла Антыкрызісную кааліцыю. Прэм'ер-міністрам Украіны стаў Віктар Януковіч[1].


Насельніцтва

Нацыянальны склад насельніцтва, % (паводле перапісаў):

Народы 2001 г. 1989 г.
Украінцы 77,8 72,7
Рускія 17,3 22,1
Беларусы 0,6 0,9
Малдаване 0,5 0,6
Крымскія татары 0,5 0,0
Балгары 0,4 0,5
Венгры 0,3 0,4
Румыны 0,3 0,3
Палякі 0,3 0,4
Яўрэі 0,2 0,9

Украінскую мову ў 2001 г. ўважалі роднаю 67,5% насельніцтва, што на 2,8 працэнтных пункты больш, чымся пад час перапісу 1989 г. Рускую мову вызначылі як родную 29,6% насельніцтва, у параўнанні з мінулым перапісам гэты паказчык зменшыўся на 3,2 пункты. Частка іншых моваў склала 2,9%, апошні паказчык вырас на 0,4 працэнтных пункты.

Больш за 2/3 насельніцтва жыве ў гарадах. Буйнейшыя гарады: Кіеў, Харкаў, Данецк, Днепрапятроўск, Адэса, Львоў. Самая высокая шчыльнасць насельніцтва ў Данецкай і Днепрапятроўскай абласцях.


Дзяржаўны лад

Украіна - парламенцка-прэзідэнцкая рэспубліка. У адміністрацыйных адносінах тэрыторыя дзеліцца на 24 вобласці. Таксама існуе Рэспубліка Крым, а гарады Кіеў і Севастопаль маюць адмысловы статус.

Гаспадарка

Вядучыя галіны прамысловасці: энергетыка, металургія, машынабудаванне, харчовая.

Больш за палову тэрыторыі краіны займае ралля, шмат садоў. Спецыялізацыя сельскай гаспадаркі: вырошчванне збожжа, цукровых буракоў, сланечніку, на поўдні – садавіны і вінаграду.

Украіна мае шырокімя магчымасці для развіцця індустрыі адпачынку і турызму: курорты на ўзбярэжжы Чорнага і Азоўскага мораў, мінеральныя крыніцы Карпат і інш. Жамчужынай курортнай гаспадаркі з'яўляецца Паўднёвы бераг Крыму, дзе месцяцца вядомыя на ўвесь свет марскія і горныя курорты.

Дачыненні з Беларуссю

  1. Украіна// "Логойск online". Дата доступу: 7 снежня 2008
Адміністрацыйны падзел Украіны Сцяг Украіны
Вобласці: Адэская | Валынская | Вінніцкая | Днепрапятроўская | Данецкая | Жытомірская | Закарпацкая | Запарожская | Івана-Франкоўская | Кіеўская | Кіраваградская | Луганская | Львоўская | Мікалаеўская | Палтаўская | Ровенская | Сумская | Тэрнопальская | Харкаўская | Херсонская | Хмяльніцкая | Чаркаская | Чарнавіцкая | Чарнігаўская 
Аўтаномная рэспубліка: Крым
Гарады са спецыяльным статусам: Кіеў | Севастопаль


This article is from Wikipedia. All text is available under the terms of the GNU Free Documentation License.